Лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч днямі наведаў Салігорск, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі грамадскасці і мясцовымі дэмакратычнымі актывістамі. У сустрэчы прынялі ўдзел некалькі дзесяткаў чалавек.
Аляксандр Мілінкевіч, які заявіў пра свой намер балаціравацца на пасаду Прэзідэнта Беларусі, прэзентаваў салігарчанам асноўныя тэзісы сваёй праграмы.
Прэтэндэнт у кандыдаты ўзгадаў сустрэчу з жыхарамі горада падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 года. "Помню адно пытанне, якое мяне "прыдушыла”. Дзядзька ўстае і кажа: «Аляксандр, вось ты выйграеш выбары, ты куды краіну павядзеш: на Захад ці на Усход?». Я адказаў, што мы зараз пра гэта гаварыць не хочам і не будзем. Вось як мы выйграем — паспрачаемся паміж сабой і вырашым. Дзядзька адказвае: «Ну, ведаеце, тады вы мне нецікавы».
Мілінкевіч хоць і лічыць сябе прыхільнікам еўраінтэграцыі, але перакананы, што ніхто за нас — ні ў Маскве, ні ў Брусэлі — не зробіць нам шчасця. Як заявіў палітык, ён не русафоб і не супраць Расіі, але яму не падабаецца імперская пазіцыя суседзяў, «калі яны хацелі б нас далучыць і зрабіць накшталт Смаленскай вобласці». Адносіны з Расіяй прэтэндэнт у кандыдаты бачыць як добрасуседскія.
Па меркаванню Аляксандра Мілінкевіча, на кожных выбарах вельмі важна займаць актыўную пазіцыю, а не байкатаваць.
«Мяне вельмі засмучае стан апазіцыі, — прызнаўся ён удзельнікам сустрэчы. - І я нясу адказнасць за тое, што мы не аб'яднаныя, і іншыя таксама нясуць. Не лічу, што аб'яднанне, кааліцыя ці адзіны кандыдат — гэта наша мэта. Для мяне абранне адзінага кандыдата — гэта сродак, інструмент, з якім яшчэ трэба перамагаць».
Адзіным сваім супернікам на бліжэйшых выбарах Аляксандр Мілінкевіч назваў Аляксандра Лукашэнку.
— Ёсць людзі, якія не сачылі за палітыкай з мінулых выбараў. Ім усё роўна, што было, што адбываецца, — звярнулася з запы-таннем да суразмоўцы карэспандэнт «ІК».
— Іх большасць, — пагадзіўся Мілінкевіч.
— Маглі б вы для іх назваць тры асноўныя «фішкі» вашай праграмы, якія адрозніваюць яе ад папярэдняй — 2006-га года.
— У 2006-ым годзе я гаварыў практычна тое ж, што і сёння. Толькі сёння значна абвастрылася пытанне: ці будзем мы суверэннай краінай. Ліміт часу, які ў нас ёсць на тое, каб зрабіць рэформы, яшчэ больш вычарпаны.
Рэформы патрабуюць вы-сілкаў, людской ахвярнасці і грошай. Зараз усё гэта значна цяжэй знайсці. У тым ліку грошы, таму што ў свеце крызіс.
Хаця я ведаю, што падтрымку на рэформы я знайду.
Таццяна Гусева
"Инфо Курьер"