У межах даследавання рэгіянальнага культурна-піцейнага руху мы
выявілі шэсць месцаў, дзе можна нядрэнна тусануць. Гарадзенскія CUBA і
«Лондан», гомельскі «Кватэрнік», салігорскі SKYY Bar, берасцейскі
«Паб-Хаўс» і «Ірландскі паб» у Барысаве – гэта тыя кропкі біфуркацыі,
якія мы раім прайсці, калі ты апынуўся побач.
ГАРОДНЯ
Бар CUBA
Інтэр’ер.
Бар
адчыніўся амаль год таму ў самым цэнтры Гародні. Абстаўлены ў духу
Камандантэ і кампаніі з адпаведнай атмасферай камрадства і валюнтарызму.
На сценах партызанскія графіці, кубінскія сцягі, варыятыўныя малюнкі, у
канцы залі – два ўтульныя плеценыя крэселкі-арэлі, якія быццам чакаюць
Ўіла Сміта. Побач – олдскульны халадзільнік з бук-кросінгавай
бібліятэчкай. Ёсць свабоднае піяніна, шашкі, шахматы.
Культурная праграма.
Грае
неназойлівы фанк, дыска, часцяком ладзяцца тэматычныя вечарыны, кшталту
піжамных, Star Wars або Чырвонай рэвалюцыі. Таксама можна трапіць на
паэтычны вечар або вечар блюзу. Карацей, калі ты хочаш спланаваць
паўстанне ў Беларусі або сагрэць душу перад доўгай ноччу, лепей пачынаць
адсюль.
Меню.
Наліваюць
два гатункі «Лідскага», Guinness, моцныя напоі, разнастайныя кактэйлі і
DIY-стылізаванае меню. Кормяць прысмакамі ды фірмовымі кубінскімі
сэндвічамі. Не паляць.
Час працы:
12:00–23:00
Бар «Лондан»
Інтэр’ер.
Цалкам
прысвечаны брытанскай культуры і яе сэрцу – Лондану. Бар выкананы ў
віктарыянскім стылі з разнесенымі паўсюль характэрнымі элементамі
дэкору: паліцэйскія бобі-шлемы на лямпах, гардэроб у выглядзе тэлефоннай
будкі, мапа лонданскага метро на столі. Такому педантызму можа
пазайздросціць любы бар у Беларусі.
Культурная праграма.
У
бары транслююць англійскую Прэм’ер-лігу, грае брытанская музыка:
Depeche Mode, Muse, The Killers, лёгкі брыт-поп. На выходных шумна і
весела.
Меню.
Можна
выпіць некалькі гатункаў англійскага піва Fuller’s (London Pride,
Organic Honey Dew і London Porter), безліч кактэйляў розных эпох або
безалкагольных мікс-дрынкаў. Паесці можна салатаў, нарэзак або
брускетаў. Не паляць.
Час працы:
12:00–4:00
ГОМЕЛЬ
Бар «Кватэрнік»
Інтэр’ер.
Месціцца
ў маляўнічым куточку ў парку ля ракі. Утульную прастору бара напаўняюць
розныя фенечкі, вінтажныя будзільнікі, каганцы, валізкі, на сцяне ля
сцэны вісіць партрэт Джымі Хэндрыкса, а ў пакоі насупраць можна адчуць
альтэрнатыўную версію гравітацыі – пакой павернуты на 90 градусаў. Ля
бара ёсць роварная паркоўка.
Культурная праграма.
Інкубатар
live-музыкі Гомеля з рэгулярнымі блюз-джэмамі, дыска-фанк і
балкан-сэтамі, а таксама літаратурнымі вечарамі і беларускімі ды
замежнымі прывозамі кшталту «НагУаль», «Умка и Броневик», «Атморави».
Акрамя канцэртаў можна пагуляць у шашкі, шахматы, даміно, манаполію або ў
культавую «Космос 2000».
Меню.
Паспытай
бельгійскага Hoegaarden, шот «Чырвоныя саскі» або кактэйль «Сняданак
малпы». Кухня прапаноўвае салаты, прысмакі, крэм-супы або пасты ручнога
вырабу. У залі, дзе п’юць і слухаюць музыку, можна паліць.
Час працы:
12:00–24:00
САЛІГОРСК
SKYY Bar
Інтэр’ер.
Месціцца
на трэцім паверсе забаўляльнага комплексу разам з рэтра- і
караоке-барамі, але гэта не замінае яму вылучацца сярод іншых
салігорскіх пляцовак. Па духу гэта такі амерыканскі каёт-бар са сцэнай,
святлом і ўтульнай атмасферай.
Культурная праграма.
Адчынены
тымі, хто калісьці запраўляў у легендарных менскіх Bar 28 і NC, але быў
звычайным правінцыяльным дыска-барам, пакуль за яго не ўзялася мясцовая
івэнт-арганізацыя «Новое время».
Тады на яго падмосткі пачалі завітваць акустычныя музыкі, кшталту
блюзавай Cross B Band, украінскіх трыб’ют-бэндаў AS/DC, «Село і люди» і
менскіх The Apples. Зараз на гарызонце канцэрты «Разбітага Сэрца Пацана»
і 4CUBA. Летам адчыненая тэраса, дзе ідуць спартовыя трансляцыі.
Меню.
Наліваюць 20 відаў віскі, кегавы Guinness, эль. Гатуюць еўрапейскую кухню, грыль і стэйкі.
Час працы:
Аў–Чц, Нд 21:00–5:00,
Пт–Сб 18:00–5:00
БРЭСТ
«Паб-Хаўс»
Інтэр’ер.
На
сценах вісяць ірландскія, англійскія, нямецкія сцягі, мноства розных
піўных і віскі-шыльдачак, грамат, карцін. Сама прастора аформленая
проста – драўляныя стойкі, сталы і крэслы, быццам трапіў некуды ў
цэнтральную Англію.
Культурная праграма.
Культавы
бар Брэста са складанай гісторыяй: раней быў у цэнтры, але ў выніку
канфлікту паміж уладарамі быў фактычна разгромлены адным з бакоў. Цяпер
месціцца на ўскраіне горада ля шашы на Менск, але тым не менш лічыцца
адзіным бастыёнам хіп-хопу, фанку, ска і рэгі ў горадзе. У прамым сэнсе
бастыёнам, бо гэта спальны раён з непазбежнымі сутычкамі з мясцовымі. У
пабе граюць мясцовыя дзіджыкі, а таксама гарадзенскія і менскія госці.
На тусы з’язджаюцца графітчыкі і брэйкдансеры. Транслююць спартовыя
гульні.
Меню.
Абмеркаваць
апошнія гісторыі можна за келіхам светлага або цёмнага Kozel,
Staropramen, Gambrinus, Paulaner ці пакаштаваць лакальнае піва з
невялічкага «Пльзеньскага Бровара». Кухня еўрапейская з грыль-барам і
піўнымі прысмакамі.
Час працы:
11:00–1:00
БАРЫСАЎ
Ірландскі паб
Інтэр’ер.
Прасторная зала ў зялёным колеры дазволіць як патанцаваць ceilidh,
так і памарыць пра скарбы лепрыконаў у кутах залі. На сценах вісяць
фотаздымкі вядомых ірландцаў, ірландскія абстракцыі, усялякія
фенечкі-фішачкі, кшталту еўра з лірай – лагатыпам фабрыкі Артура Гінэса –
і пара элементаў халоднай зброі. Ёсць рында для шчодрых мецэнатаў (хто
пазвоніць – частуе ўвесь паб) і алкарулетка з рандомнымі шотамі на бары.
Культурная праграма.
Вабіць
сваёй разнастайнасцю: мафія, чэмпы па манчкіну, прагляды ірландскага
або каляірландскага кіно, футбольныя трансляцыі, більярд. Музыка ў бары –
класічны рок з ірландскім ухілам. Часцяком запрашаюць музыкаў на
live-выступы. Паспелі ўжо пабываць «Нейра Дзюбель», Цімафей Яровікаў,
Akute, наперадзе – Аляксандр Памідораў і The Epolets. З размахам
святкуюць некалькі сакральных для ірландцаў дат: Дзень Святога Патрыка,
Дзень Артура Гінэса, Дзень Джона Джэмэсана і Хэлоўін, на якія ўладары
бара разыгрываюць унікальную сувенірную прадукцыю. Адназначна dive-бар.
Меню.
Багаты
выбар піва пачынаецца ад разліўных Guinness, Kilkenny, Harp і Fuller’s і
заканчваецца бутэлечным шакаладным стаўтам Double Chocolate і элем
Hobgoblin. Шмат моцных напояў, у першую чаргу віскі. Кухня таксама
разнастайная, ёсць і дранікі ў гаршчочку.
Час працы:
15:00–3:00
Дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Іллю Eli Crust, Пашу Morgotika, Сашу Дзялянку, Дзімасу Remm і Андрэю з Барысава.
Фота з архіваў бараў. 34mag.net