
На выходных, 20-21 лістапада, у Салігорску была зьнішчана значная 
частка лесапаркавай зоны пад будаўніцтва элітнага жытла між вуліцамі 
Заслонава і Казлова, праз дарогу ад крамы "Златка". З гэтай нагоды 
найбольш вядомыя грамадзкія дзеячы салігоршчыны зьвярнуліся з адкрытым 
лістом да прадстаўнікоў мясцовай улады, жыхароў гораду і да кандыдатаў у
 Прэзыдэнты. Падаем ніжэй поўны тэкст звароту і сьпіс падпісантаў.
Калі паглядзець на здымкі салігорскага рэгіёна з космасу, то гэта 
пакідае наймацнейшае ўражаньне. Далёка не найлепшае ўражаньне. Дзясяткі 
квадратных кілямэтраў адведзены пад прамысловую зону, заняты 
солеадваламі і шламасховішчамі. Лес, які падступае да гораду з 
паўднёвага боку і якога зусім ня шмат на Салігоршчыне, гэта адзінае што 
ратуе сытуацыю. Каб ня гэты лес, дык Салігорск можна было б сьмела 
намінаваць на званьне самага жахлівага горада Беларусі ў экалягічным 
пляне.
Агульнавядомае выказваньне К.Маркса, аб тым што "няма такога 
злачынства на якое не пайшоў бы капітал дзеля 300 адсоткаў прыбытку”, 
падобна знайшло сваё ўвасабленьне і ў Салігорску. А як жа «дзяржава для 
народу», пра якую так настойліва цьвердзіць ўлада?
Сапраўды, мы ведаем, што чарга на будаўніцтва жыльля у горадзе сягае 
блізу 11 тысяч чалавек. І гораду ёсьць куды разьвівацца. Толькі вось для
 ўзьвядзеньня жылых дамоў у новых раёнах неабаходны вялікія грошы на 
разьвіцьцё інфраструктуры - будаўніцтва дарог, каналізацыі, сетак вады, 
цяпла, газа і правядзеньне электрыфікацыі. Але для эканамічна моцнай 
краіны, якая глядзіць на нас з экранаў тэлевізараў і старонак дзяржаўных
 газэт, ці гэта павінна быць сур’ёзнай праблемай? Асабліва ў горадзе, 
які зьяўляецца буйнейшым пастаўшчыком валюты ў краіну і падаткаў у 
бюджэт.
Ды, як бачым, куды прасьцей займацца ўшчыльненьнем, што мясцовыя 
ўлады і робяць апошнія 10 год. Пры гэтым абсалютна парушаюцца нормы 
горадабудаўніцтва, а мясцовыя ўлады забываюцца на тое, што ў тым ліку і 
з-за пагаршэньня экалёгіі ў раёне ў апошнія дзесяцігодзьдзі салігорцы 
значна больш сталі пакутаваць ад сардэчных ды анкалягічных 
захворваньняў.
Жыхары Салігорска маюць права на годны экалягічны асяродак. Нельга 
жыць у "каменных мяшках”. У кожным раёне гораду павінны быць зялёныя 
зоны. Замест гэтага мы назіраем наступнае:
- пры пашырэньні школы №2 зьнік сквэр за крамай «Шахтёр»;
- зьнікла зялёная зона каля школы №4;
- зьнікла зялёная зона каля школы №3;
- першапачатковы плян забудовы гораду 
прадугледжваў стварэньне паркавай зоны ад сёньняшняга вакзала да будынку
 суда, але там ужо ніколі ня будзе парка.
Замест паліклінікі на адведзенай для гэтага пляцоўцы ў цэнтры гораду 
пад гучныя авацыі мясцовай уладнай вэртыкалі пабудавалі шматпавярховік -
 нібыта, для трэнэраў, працаўнікоў лядовага палацу і салігорскага 
алімпійскага рэзэрву. Паліклінікі, у зьяўленьні якой так зацікаўлены 
салігорцы, на гэтым месцы таксама ўжо ніколі ня будзе, як ня будзе і 
кватэраў для трэнераў і работнікаў лядовага палацу. Бо цяпер там 
звычайны дом для "дольшчыкаў”.
Нарэшце дабраліся чыноўнікі і да лесу. Лесу, які куды старэйшы за 
горад! Толькі за выходныя 20-21 лістапада быў зьнішчаны лясны масіў між 
вуліцамі К.Заслонава і Казлова праз дарогу ад крамы "Златка”.
Наш горад расьце хутчэй чым дрэвы. І высякаць такі лес ёсьць злачынствам.
У шмат якіх краінах падобныя пытаньні выносяцца на мясцовыя 
рэфэрэндумы, адбываецца іх актыўнае грамадзкае абмеркаваньне, і толькі 
потым прымаюцца рашэньні. Аднак, відаць па ўсім, салігорскія ўлады 
папросту ня хочуць дзейнічаць празрыста.
Што атрымае горад і мы з вамі ад таго, што фірма забудоўшчык зь 
Менска здабыла вельмі прывабны кавалак зямлі пад будаўніцтва жылога 
дома? І, дарэчы, чаму ня "Будаўнічы трэст №3” ці "Салігорскі ДСК”? І 
колькі там кватэр атрымаюць салігорцы з той 11-тысячнай чаргі?
Калі мы рэальна не выбіраем сабе кіраўніцтва гораду, дык яно і ня лічыць неабходным раіцца з гараджанамі.
Мы зьвярталіся па пытаньні аб зьнішчэньні ляснога масіву на «гарачую 
лінію» АНТ, у рэдакцыю Салігорскага тэлевізійнага каналу, але ж нашы 
просьбы засталіся без увагі. Верагодна, пад час выбараў прынята 
асьвятляць толькі дасягненьні народнай гаспадаркі і рост заробкаў. Тым 
часам адсутнасьць свабоды слова ды, відаць, і павагі да грамадзян краіны
 дазваляе ўладзе дзейнічаць беспакарана.
Натуральна, літара закона мясцовымі чыноўнікамі вытрымана. Ёсьць 
адмысловы акт адводу зямельнага ўчастка, ёсьць дазвол на высечку лесу. 
Але ж гэта проста злачынства! А ўлічваючы цэлы шэраг арыштаў сталічных 
чыноўнікаў, займаючыхся будаўніцтвам, і высоўваньне абвінавачаньняў у 
карупцыі ў іх бок, ёсьць высокая верагоднасьць, што і ў выпадку з 
выдзяленьнем зямлі пад будаўніцтва ў Салігорску ня ўсё было зроблена 
згодна з законам.
За 50 год існаваньня горада ўлада і не захацела і не змагла стварыць 
зялёную зону паміж горадам і Першым калійным камбінатам. Даводзілася 
чуць, што там ня хочуць расьці дрэвы. Прабачце, але габрэі ў Ізраілі 
навучыліся вырошчваць бананы ў пустэльні, ды і ня толькі бананы...
Але ўсё гэта можа здацца кветачкамі. Наперадзе пляны па будаўніцтву 
жытла - а значыцца і высечцы лесу - насупраць гарадзкой паліклінікі па 
вуліцы Лясной, будаўніцтва жылых дамоў каля дзіцячага гарадка у 
прыродаахоўнай зоне вадасховішча па вуліцы Набярэжнай. З такімі тэмпамі 
архітэктурны аддзел Салігорскага райвыканкаму хутка забудуе цэнтральную 
плошчу горада і сквэр паміж вуліцамі Казлова і Каржа.
Мы зьвяртаемся да кіраўніцтва Салігорскага раёну з 
патрабаваньнем у тэрміновым парадку спыніць заганную практыку 
зьнішчэньня лесу і ўнесьці адпаведныя зьмены ў генэральны плян 
разьвіцьця гораду.
Мы зьвяртаемся да супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў
 зрабіць праверку законнасьці прыняцьця рашэньняў аб выдзяленьні зямлі ў
 парку паміж вуліцамі Заслонава і Казлова пад будаўніцтва новых дамоў.
Мы лічым неабходным правесьці незалежную экалягічную экспэртызу
 па фактах зьнішчэньня лесапаркавых зонаў у горадзе і на прылеглых 
тэрыторыях з мэтай аднаўленьня права салігорцаў на здаровае навакольнае 
асяродзьдзе.
Мы патрабуем правядзеньня грамадзкіх слуханьняў з 
удзелам усіх зацікаўленных бакоў па любым рашэньні, зьвязаным з 
пагаршэньнем экалягічнай сытуацыі ў рэгіёне. Заканадаўчыя зацьвярджэньні
 такіх рашэньняў павінны адбывалася толькі пасьля ўсебаковага вывучэньня
 пытаньняў. А найбольш важныя рашэньні павінны прымацца толькі пасьля 
правядзеньня мясцовых рэфэрэндумаў.
Мы зьвяртаемся да ўсіх жыхароў Салігорску з просьбай праявіць салідарнасьць у абароне свайго права на здаровае навакольнае асяродзьдзе.
Мы зьвяртаемся таксама да ўсіх кандыдатаў у Прэзыдэнты з заклікам 
зрабіць першы рэальны крок у сваіх перадвыбарчых кампаніях - ня даць 
чыноўнікам зьнішчыць салігорскі лес.
 
Уладзімір Шыла - інжынэр-будаўнік, прадпрымальнік
Алег Новікаў - журналіст, лідэр экалягічнай партыі "Зялёныя”
Мікалай Новік - віцэ-старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза
Сьвятлана Шыла - інжынэр-будаўнік, канструктар
Павал Батуеў - інжынэр-электрык, сябра "Руху за Свабоду”
Аляксей Валабуеў - інжынэр-будаўнік, праваабаронца
Мікалай Шаравар - пісьменьнік, грамадзкі актывіст
Алег Борын - мастак, сябра партыі "КХП-БНФ”
Аляксандр Цацура - сябра кампаніі "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”
Леанід Мархотка - юрыст, праваабаронца
Тацьцяна Кучынская - прадпрымальніца, старшыня Прафсаюза прадпрымальнікаў
Ларыса Насановіч - журналістка, давераная асоба кандыдата  Я.Раманчука
Віктар Яўмененка - эканаміст, давераная асоба кандыдата А.Міхалевіча
Уладзімір Лемеш - студэнт, давераная асоба кандыдата А. Саньнікава
Іван Шыла - студэнт, намесьнік старшыні "Маладога Фронту”
Казімір Кавецкі - падпалкоўнік у адстаўцы, сябра партыі "Справядлівы Сьвет”
Мікалай Курыльчык - тэхноляг, сябра "Таварыства беларускай мовы”
Раман Ерашэня - гісторык, прэс-аташэ Беларускага незалежнага прафсаюза
Дзяніс Талпека - эканаміст, каардынатар "Беларускага моладзевага руху Амэрыкі”
Дзяніс Карноў - будаўнік, грамадзкі актывіст
Хрысьціна Самойлава - студэнтка, сябра "Маладога Фронту”
 САЛІГОРСК.org